ДЫ́ЗЕЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой электрычны генератар прыводзіцца ў дзеянне дызелем. Бываюць перасоўныя і стацыянарныя.
Перасоўныя Д.э. манціруюць на аўтамаб. прычэпах, чыг. платформах, абсталёўваюць быстраходнымі дызельнымі рухавікамі. Выкарыстоўваюць на буд-ве чыгунак, у лясной прам-сці, геолагаразведачных экспедыцыях і інш. На стацыянарных Д.э. устанаўліваюць 4- або (радзей) 2-тактавыя дызелі. Такія электрастанцыі будуюць у месцах, аддаленых ад ліній электраперадач, у раёнах з абмежаванымі крыніцамі водазабеспячэння. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, на прамысл., буд. і трансп. прадпрыемствах у якасці асноўнай, рэзервовай і аварыйнай крыніцы электраэнергіі. Дызельэлектрычныя агрэгаты шырока ўжываюцца таксама для энергазабеспячэння войск, вайск. аб’ектаў і комплексаў ваен. тэхнікі. Д.э. высокаэканамічныя, надзейныя ў эксплуатацыі, аднак маюць адносна невял. мотарэсурс (працягласць эксплуатацыі да капітальнага рамонту).
т. 6, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)